26.10.2025
Дарагія сябры! Віншую вас з Днём аўтамабіліста і дарожніка.
Беларусы прывыклі ездзіць з камфортам і ганарацца тым фактам, што сучасныя аўтамагістралі з якаснай інфраструктурай з'яўляюцца адной з візітных картак нашай краіны.
За пяцігодку ў рэспубліцы абноўлена 18 тысяч кіламетраў аўтамабільных дарог. Мінск звязаны амаль з усімі абласнымі цэнтрамі хуткімі, надзейнымі трасамі, работа па іх паляпшэнні працягваецца практычна без выхадных і святаў. Рамантуюцца масты, пуцеправоды, праектуюцца зручныя транспартныя развязкі, падземныя пешаходныя пераходы. Развіваюцца арганізацыі па перавозцы грузаў і пасажыраў, станцыі тэхабслугоўвання.
Перакананы, што веды, вопыт айчынных перавозчыкаў і дарожнікаў дазволяць і надалей паспяхова вырашаць задачы, якія стаяць перад галіной, у тым ліку па пошуку новых лагістычных рашэнняў.
Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у рэалізацыі ўсіх намечаных планаў.
Аляксандр Лукашэнка
26 кастрычніка 2025 года