12.02.2025
Пасяджэнне выніковай калегіі прайшло пад старшынствам міністра Аляксея Ляхновіча. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Прэм'ер-міністра Анатоль Сівак, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў.
Як было адзначана на калегіі, у 2024 годзе, які прайшоў у краіне пад знакам якасці, у транспартнай галіне ўсе сілы былі мабілізаваны на павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, тэхнічнае перааснашчэнне, паляпшэнне ўмоў працы.
Доля валавога дабаўленага кошту па транспартнай дзейнасці ў структуры ВУП Рэспублікі вырасла з 4,9% да 5,1% па выніках мінулага года. На транспартныя паслугі прыпадае 50% аб'ёму экспарту паслуг краіны.
Працягваецца работа па фарміраванні аптымальных лагістычных схем дастаўкі беларускай экспартнай прадукцыі на знешнія рынкі. Калі казаць пра чыгуначны транспарт, рост аб'ёмаў кантэйнерных перавозак у напрамку Кітай – Беларусь – Кітай склаў 144,3%.
У дарожна-будаўнічай сферы па выніках 2024 года адрамантавана і рэканструявана 5,3 тыс. км дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння, а таксама 6,4 тыс.паг. м маставых збудаванняў на іх (121 мост).
"Дзякуючы павелічэнню аб'ёмаў работ па бягучым рамонце дарожнага пакрыцця ямачнасць на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання знізіліся амаль у 4 разы, крытычная ямачнасць – у 11 разоў. Так, адрамантавана амаль 12% рэспубліканскіх дарог ад іх агульнай працягласці, якая складае 16 тыс. кіламетраў", – адзначыў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч выступаючы на калегіі.
У 2024 годзе транспартным комплексам забяспечана выкананне ўсіх мэтавых паказчыкаў. Экспарт транспартных паслуг склаў 4,5 млрд. долараў, або 119,6% да 2023 года.
Абнаўляецца рухомы састаў. За мінулы год набыта каля 2 700 адзінак грузавога чыгуначнага рухомага саставу, а таксама 695 транспартных сродкаў аўтамабільнага і гарадскога электрычнага пасажырскага транспарту. Для ўтрымання аўтамабільных дарог набыта звыш 890 адзінак дарожнай і камунальнай тэхнікі.
Міністр акцэнтаваў увагу на стратэгічных напрамках развіцця ўсіх падгалін транспартнага комплексу ў 2025 годзе.
У сферы аўтамабільнага і гарадскога электрычнага транспарту – гэта ўдасканаленне маршрутнай сеткі і стварэнне новых сэрвісаў абслугоўвання для пасажыраў. У галіне чыгуначнага транспарту ў ліку ключавых задач нарошчванне аб'ёмаў кантэйнерных перавозак, паветранага транспарту – павелічэнне аб'ёмаў перавозак пасажыраў за кошт адкрыцця новых напрамкаў, папаўненне парку паветраных судоў.
Будаўнічыя работы па абнаўленні дарожнай інфраструктуры будуць выконвацца ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2025 год. Трэба будзе рэканструяваць 11 аб'ектаў рэспубліканскай дарожнай гаспадаркі. Пры ўзвядзенні і рэканструкцыі рэспубліканскіх аўтадарог вялікая ўвага надаецца ўладкаванню цэментабетонных пакрыццяў.
Як адзначыў Аляксей Ляхновіч, у Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці прыярытэтамі ў галіне стануць стварэнне сучаснай, зручнай і бяспечнай транспартнай інфраструктуры, абнаўленне рухомага саставу, лічбавізацыя тэхналагічных і бізнес-працэсаў на транспарце.
Міністр акцэнтаваў увагу на важных праектах, якія плануецца рэалізаваць у бліжэйшай перспектыве. "Патрабуецца прыступіць да рэалізацыі праектаў па хуткасных транспартных зносінах з Мінска ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, мадэрнізацыі інфраструктуры для развіцця хуткіх і камфортных транспартных зносін паміж Мінскам і яго гарадамі-спадарожнікамі", – сказаў Аляксей Ляхновіч.
Выступаючы на калегіі з заключным словам, намеснік Прэм'ер-міністра Анатоль Сівак звярнуў увагу кіраўнікоў галіновых арганізацый на неабходнасць сканцэнтраваць намаганні на выкананні паказчыкаў мэтавага плана. У галіне аўтамабільных пасажырскіх перавозак віцэ-прэм'ер адзначыў важнасць забеспячэння насельніцтва надзейным транспартным паведамленнем.
Асобна Анатоль Сівак спыніўся на тэме якасці. "Усе пытанні, звязаныя з якасцю, павінны быць першараднымі. Найважнейшым паказчыкам якасці ў галіне з'яўляецца бяспека транспартнай дзейнасці",-падкрэсліў намеснік Прэм'ер-міністра.