Націсніце для прагляду малюнка

Сяргей Дубіна: "Акцыя "Ад усёй душы — яскравы прыклад клопату сацыяльна арыентаванай дзяржавы аб пажылых людзях"

13.01.2026

Мінтранс далучыўся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі. Павіншаваць падапечных і калектыў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска з навагоднімі святамі прыехаў намеснік міністра транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна:

"Нягледзячы на тое, што акцыя "Ад усёй душы" даволі маладая і праводзіцца ў нашай краіне ўсяго некалькі гадоў, яна ўжо стала добрай традыцыяй. Штогод у перыяд навагодніх святаў мы ўдзяляем вялікую ўвагу самым маленькім беларусам у рамках акцыі "Нашы дзеці", а таксама аказваем пашану пажылым грамадзянам, усім тым, хто сваёй штодзённай працай ствараў сённяшнюю сучаснасць нашай Беларусі".

Паводле яго слоў, наведваючы такія ўстановы, мы маем магчымасць убачыць, што дзяржавай ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для грамадзян, якія апынуліся ў няпростай сітуацыі. Неацэнным вопытам з'яўляюцца сустрэчы з прадстаўнікамі старэйшага пакалення. Бо менавіта праз такія зносіны фарміруецца пераемнасць пакаленняў, якая з'яўляецца адметнай рысай беларускага грамадства.

Сёння ў цэнтры сацабслугоўвання панавала па-сапраўднаму святочная атмасфера. Канцэрт з песнямі і танцамі падрыхтавалі для гасцей пажылыя наведвальнікі цэнтра.

ТЦСАН Маскоўскага раёна Мінска дапамагае людзям і сем'ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У сярэднім за год тут атрымліваюць паслугі каля 14 тыс. чалавек. Усяго на ўліку ў цэнтры стаіць больш за 40 тыс. грамадзян.